Вс Дек 22, 2024
Воскресенье, 22 декабря, 2024

Восстание 1863 года в Беларуси

В этом году исполняется 160 лет Польскому восстанию 1863 года. Его частью было восстание в Беларуси и Литве, где и сыграл свою роль Кастусь Калиновский. Восстание представляет не только исторический интерес, но дает многие выводы для борьбы сегодня, особенно в вопросах целей, которые преследовали разные социальные классы, соответствующего различия политики Белой и Красной партии и причин неудачи восстания. Здесь и далее мы постараемся публиковать отрывки из книги «1863 год на Беларусі» известного белорусского революционера начала ХХ века, борца за независимость Беларуси и активистабольшевистской политики беларусизации в 20-е годы Всеволода Игнатовского. Ее особенность в том, что она успела выйти еще на волне Октябрьской революции и политики беларусизации в условиях широких свобод до уничтожения большевистской партии, революции, свобод и беларусизации сталинизмом и потому достаточно объективна. Думаем, читатели смогут найти много параллелей с нашей борьбой сегодня. Материал публикуется на языке оригинала.

Паўстаньне 1863 году ў гістарычнай літаратуры звычайна носіць назву польскага паўстаньня. Такая назва павінна быць прызнана правільнаю пастолькі, паколькі паўстаньне 1863 году ў цэлым ставіла сваёю мэтай у першую чаргу пабудову новай Польшчы, як незалежнай ад царскай Расіі, дэмократычнай дзяржавы; паколькі ідэёва-кіраўнічым і агульна-організацыйным рэволюцыйным цэнтрам паўстаньня была Варшава, зьвязаная з заходня-эўропейскімі расійскімі рэволюцыйнымі цэнтрамі, і паколькі паўстаньне абхапіла ўсю тэрыторыю былой Рэчы Паспалітай Польскай.

Яно абхапіла Беларусь, Літву і Украіну. Зразумела, што паставіўшы сваёю мэтаю пабудову ў першую чаргу новай Польшчы, яно разам з тым падняло пытаньне аб політычным і соцыяльным вызваленьні ад царскай Расіі Беларусі, Літвы і Украіны. Польскае паўстаньне 1863 году было для Беларусі і на Беларусі тэрыторыяльным беларускім паўстаньнем. Для кожнай закранутай паўстаньнем нацыянальнай тэрыторыі паўстаньне 1863 году было нацыянал-дэмократычным рэволюцыйным рухам, які меў сваёю мэтаю вызваліць яе з-пад пяты расійскага царскага самаўладзтва і ўтварыць у будучыне новыя соцыяльныя і політычныя ўмовы жыцьця.

У паўстаньні прымалі ўдзел розныя соцыяльныя групы, незадаволеныя ў той ці іншай меры політыкаю Расійскага царскага самаўладзтва. Былі тут і буйныя земляўласьнікі, уцягнутыя ў капіталістычную сыстэму гаспадаркі і выступаючыя проці расійскага фэўдальна-самаўладнага рэжыму… Былі тут і прадстаўнікі ўзросшай фабрычна-заводзкай прамысловасьці і ўзмацнелага гандлю, якія былі нязгодны з прыгонна-юнкерскай політыкай царызму. Галоўную масу паўстанцаў складалі: а) дробная, зьбяднелая, пролетарызаваная шляхта; розначынная інтэлігенцыя і дробная буржуазія гораду і вёскі, што вышле з яе (шляхты) малазямельных ці абезьзямеленых шэрагаў; б) рамесьнікі і рабочыя, якія па гарадох і мястэчках ужо існавалі ў даволі значнай колькасьці… і в) частка сялянства па вёсках, для якога сучасны політычны і соцыяльны строй царскай Расіі быў нявыносны.

Само сабою зразумела, што для ўсіх вышэйпералічаных соцыяльных груп не магло быць адзінай цэльнай програмы, бо інтарэсы іх былі ня толькі не аднальковыя, але вельмі часта процілеглыя. Апроч таго, трэба адзначыць, што да соцыяльнага падзелу паўстанцаў далучаўся тэрыторыяльны і нацыянальны падзел, бо паўстаньне абхапіла розныя нацыянальныя тэрыторыі. Па сваіх політыка-соцыяльных імкненьнях паўстанцы з самага пачатку руху разьбіліся на дзьве асноўныя політычныя групы, каторыя склалі белую і чырвоную партыі. Іх аб’ядняла барацьба проці рускага царызму, які ня толькі стаяў на чале нацыянальнага ўціску, але і перашкаджаў капіталістычнаму разьвіцьцю на тэрыторыі імпэрыі, у тым ліку на тэрыторыі Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны. Апораю царызму была вайсковая сіла і адміністрацыя. Сярод земляўласьнікаў яго падтрымлівала арыстократыя і магнатэрыя, а таксама і тое панства, што цалкам стаяла на фэўдальна-юнкерскім грунце…

Белая партыя складалася з буйных земляўласьнікаў, ужо ўцягненых у сыстэму капіталістычнай гаспадаркі і зьвязаных з некаторымі відамі фабрычна-заводзкай прамысловасьці… Да белых належалі таксама буйныя прамыслоўцы, гандляры, банкіры і г. д., адным словам буйная буржуазія. Яны ўтварылі групу так званых мільлеранаў, на чале якой стаяў банкір Кронэнбэрг. Трэба адзначыць, што паміж буйной буржуазіяй і буйнымі земляўласьнікамі ня было рэзкага клясавага разьмежаваньня, што тлумачыцца капіталізацыяй буйной сельскай гаспадаркі. Вось чаму яны і стварылі адну белую партыю. Белыя вельмі доўга трымаліся згоды з расійскім царызмам, паступова сходзячы на шлях легальнай опозыцыі. Толькі пасьля доўгіх хістаньняў, пасьля няўдачы стаць устойліва на пляцформе легальнай опозыцыі, белыя ўвайшлі, лепш сказаць, прымушаны былі разьвіцьцём падзей увайсьці ў паўстаньне. Але і пасьля гэтага яны ня верылі ў паўстаньне, як такое, а лічылі яго толькі сродкам для чужаземнай інтэрвэнцыі ці дыплёматычнага ўмяшаньня. Белыя былі праціўнікамі аграрнай рэволюцыі і радыкальнага разьвязаньня сялянскага пытаньня… Прымаючы ўдзел у паўстаньні, яны ўсімі мерамі стараліся перашкаджаць чырвоным, праводзіць іх політыка-соцыяльную програму. Гэта і было аднэю з прычын уваходу іх у рады паўстанцаў. Пачаўшы са згоды, белыя згодаю і скончылі. Зьлякаўшыся аграрнай рэволюцыі і паглыбленьня паўстаньня, баючыся страціць сваю маёмасьць і політычныя выгоды, яны з ганьбаю вышлі са строю паўстаньня і кінуліся ў абыймы расійскага царызму, выкупаючы свой часовы ўдзел у паўстаньні здрадаю чырвоных…

Што датычыць нацыянальнага пытаньня, то белыя Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны былі прыхільнікамі поўнага паглынаньня нацыянальных тэрыторый адзінаю непадзельнаю Польшчаю ў межах 1772 году…

Чырвоная партыя ў сваім левым крыле ставіла мэтаю шляхам аграрнай і політычнай рэволюцыі пабудаваць дэмократычную рэспубліку. У новай рэспубліцы павінны быць скасаваны паншчына, саслоўныя абмежаваньні і прывілеі, сяляне павінны быць надзелены зямлёю, устаноўлена роўнапраўства яўрэяў і г. д. Чырвоныя складаліся з дробнай буржуазіі, з безьзямельнай і малазямельнай дробнай шляхты, што аднэю сваёю часткаю зьлівалася з сялянствам, а другою часткаю межавалася з розначыннаю інтэлігенцыяй і гарадзкой і сельскай дробнай буржуазіяй. Да чырвоных належалі рамесьнікі, рабочыя і частка сялянства. Чырвоныя былі запраўднымі ворагамі царызму і лічылі паўстаньне тым адзіным сродкам, які прывядзе да пастаўленных імі мэтаў.

У програму радыкальнай, чырвонай часткі польскіх паўстанцаў увайшло пытаньне аб утварэньні ў гэтых краіна Беларусі, Літве і Украіне аўтономных дзяржаўных організмаў… Паўстанчы Цэнтральны Народны Камітэт у Варшаве ў канцы 1862 году офіцыяльна заяўляе, што паўстаньне, апроч непадлегласьці Польшчы, павінна даць вольнасьць усім насельнікам Польшчы, а таксама роўнасьць і ўшанаваньне правоў усіх народаў, злучаных з Польшчай. Такія правы Цэнтральны Камітэт прызнае за Беларусьсю, Літвой і Украінай. Калі Варшава пад тымі ці іншымі ўплывамі забываліся аб сваёй дэклярацыі, то Вільня, калі там на чале паўстаньня стаялі чырвоныя, вельмі рашуча напамінала Варшаве аб сваіх „сэпаратыстычных“ тэндэнцыях. Прыймая агульнае кіраўніцтва Варшавы і прызнаючы сувязь з політычным організмам будучай Польшчы, чырвоныя на Беларусі, Ліцьве і Украіне былі незадаволены тэорыяю і асабліва практыкаю Варшаўскага Цэнтральнага Камітэту ў нацпытаньні. Яны ня раз ставілі пытаньне аб нейкіх пэўных формах політычнай незалежнасьці нацыянальных тэрыторый. Дзякуючы гэтаму яны часта выклікалі з боку паўстанцаў-палякаў, нават чырвоных, абвінавачаньне ў сэпаратызьме.

Мы ня можам сказаць, што чырвоныя былі адналітнаю і суцэльнаю партыяю. У залежнасьці ад таго, да якой соцыяльнай групы яны належалі ці інтарэсы якой выяўлялі, яны дзяліліся на памяркоўных чырвоных і ўласна-чырвоных. Памяркоўныя набліжаліся да белых і цягнулі за сабою ўласна-чырвоных (Л. Мераслаўскі, Я. Дамброўскі, В. Урублеўскі, К. Каліноўскі і інш.). Асабліва гэта адчувалася ў разьвязаньні сялянскага пытаньня, дзе чырвоныя выявілі вельмі выразна сваю дробна-буржуазную сутнасьць. Ня гледзячы на вельмі „левыя» лёзунгі, на практыцы яны выяўлялі палавінчатасьць і нерашучасьць, ішлі на компромісы з белымі, што адбілася на адносінах да паўстаньня сялянскай масы ў цэлым і павяло да правалу паўстаньня.

У разьвязаньні нацпытаньня чырвоныя лічылі сябе прыхільнікамі фэдэралістычнай тэорыі Герцэна і Бакуніна, якая, аднак, значна падпала ўплывам белых з іх тэорыяю адзінай непадзельнай Польшчы. Маючы розныя програмы, белыя і чырвоныя паўстанцы на працягу некаторага часу разам ішлі па шляху барацьбы з расійскім царызмам.

Check out our other content

Больше материалов