(пісьмо польскага рабочага)
У мінулым нумары прачытаў артыкул пра ўмовы працы ў польскай краме Жабка, якая належыць люксембургскаму фонду. Наогул Жабка — не проста кампанія люксембурскага фонду. Гэта франчайза. Гэта значыць, ёсць польскі малодшы партнёр, які плаціць за тое, каб адкрыць такую краму. Некалькі гадоў таму за гэта трэба было заплаціць 60 тыс. еўра. Так люксембурскі фонд, нічога не робячы, проста атрымлівае грошы за набытае імя і вывозіць іх з Польшчы. Зарабляе прыбыткі на смеццевых умовах працы. У Варшаве такія заробкі фактычна яшчэ бяднейшыя, таму што ў сталіцы ўсё даражэй, асабліва арэнда жылля.
Але такія ўмовы працы — не толькі ў Жабцы. У нас у Польшчы гэта дастаткова распаўсюджаная практыка. Я працую на фабрыцы, і ў нас ёсць працы, якія таксама дрэнна аплочваюцца. Пры гэтым праца вельмі цяжкая.
Гэта працы па ачыстцы дэталяў, якія выходзяць з машын. Іх чысцяць рукамі, альбо загружаюць у ачышчальную машыну. Кожная дэталь важыць 10-15 кг. На змену з некалькіх чалавек прыпадае 300 дэталей. Часта дэталі доўгія — да 1,5 м, і цягаць іх няёмка. Да таго ж калі дэталь толькі выходзіць з машыны, аб яе можна парэзацца. Але людзям трэба рабіць выпрацоўку, і яны цяжка працуюць. Многія ў нас не вытрымліваюць. Некаторыя працуюць два дні і адыходзяць. Спраўляюцца толькі найболей дужыя. Таму высокая цякучка.
Працуюць на гэтых працах як імігранты, так і палякі, рука ў руку з украінцамі. Асабліва калі размова ідзе аб менш кваліфікаваных задачах. Бываюць палякі амаль пенсіённага ўзросту.
Працуюць па дамове на тры месяцы, потым на шэсць, потым на год. З гэтага ў нас пачынаюць увогуле амаль усе. Смеццевыя працоўныя дамовы сёння сталі нормай. Асабліва ў гандлі, лагістыцы, сектары паслуг у цэлым. У нас на фабрыцы ёсць яшчэ старыя работнікі, у якіх яшчэ застаюцца найлепшыя ўмовы працы, дасягнутыя раней. Але маладыя працоўныя, па якіх ужо мінуў працэс дэградацыі ўмоў працы, працуюць больш, а атрымліваюць менш. У гэтым сакрэт прыбавачнай вартасці на гэтых менш спецыялізаваных вытворчасцях. Больш прыбытку прыносяць тыя, хто менш атрымлівае. А вынікі працы выцякаюць з краіны праз заходнееўрапейскія кампаніі і назапашваюцца дзе-небудзь у Нямеччыне, Люксембургу, Францыі, і ідзе паглыбленне нашай залежнасці.
Сёння ў Польшчы гаспадары фабрык спрабуюць пагаршаць умовы працы, супрацьпастаўляючы адных працоўных іншым. Напрыклад, старых – маладым, палякаў – імігрантам з Украіны ці Беларусі. Так яны спрабуюць падарваць растучы апошнім часам у Польшчы прафсаюзны рух. У тым ліку яны спрабуюць скарыстацца плынню бежанцаў з Украіны пасля нападу Расіі. Але калі польскія, украінскія, беларускія рабочыя працуюць рука ў руку, калі нашы краіны пакутуюць ад магутных дзяржаў, то мы павінны і рука ў руку адстойваць інтарэсы нашага класа і незалежнасць нашых краін. Таму так востра стаіць задача міжнароднага аб’яднання працоўных.