Пн Окт 20, 2025
Понедельник, 20 октября, 2025

ШАВЕЦ БЕЗ БОТАЎ, БЕЛАРУСЬ БЕЗ МАЛАКА?

Беларусь без малака — як шавец без ботаў. Але менавіта гэтая праблема з’явілася ў краіне ў апошні час. Малако ёсць. Але паменшыўся яго выбар, у першую чаргу за кошт больш тоўстага прадукта. Вытворчасць малака сёлета скарацілася, але не настолькі, каб растлумачыць тое, што адбываецца. У чым праблема?

Адказ на пытанне той жа, што і на іншае пытанне: чаму за гады кіравання Лукашэнкі вытворчасць малака вырасла, а душавое спажыванне істотна скарацілася?

Справа ў тым, што Беларусь — малочная калонія РФ. Нават да вайны ў РФ вывозілася больш за палову беларускага малака. Беларусь — дойная карова РФ у прамым і пераносным сэнсе. Беларускае малако ў РФ — гэта прадукт пад маркай «каланіяльныя тавары».

Сёння ж, у дадатак, пасля саўдзелу Лукашэнкі ў пуцінскай агрэсіі супраць Украіны, беларускі рубель асеў адносна расейскага на 20%. А значыць малочным капіталістам прадаваць малако ў РФ за расійскія рублі стала яшчэ больш выгадна, чым унутры Беларусі за тыя ж беларускія. Адначасова яны падвышаюць кошты ўнутры краіны — паралельна з ростам коштаў на ўсе расейскія прадукты з-за той жа дэвальвацыі.

Калі сёння мы знаходзім на прылаўку толькі малако з паніжанай тлустасцю, гэта значыць больш разведзенае вадой, то сутыкаемся з прамым наступствам каланіяльнага вывазу малака з краіны, рынкавай эканомікі, якая працуе па прынцыпе «няма грошай — няма малака», і ўдзелу дыктатуры Лукашэнкі ў злачыннай пуцінскай вайне.

Каб напоўніць прылаўкі, неабходна спыніць бескантрольны вываз малочнай прадукцыі з краіны прыватнымі кампаніямі туды, дзе большы прыбытак. Экспарт малочнай прадукцыі павінен быць цэнтралізаваны ў руках дзяржавы з прынцыпам спачатку забяспечыць насельніцтва гэтай базавай прадукцыяй і потым ужо экспартаваць, што застанецца. Але гэта азначае парваць каланіяльныя дамовы з РФ, якія патрабуюць свабоднага гандлю, пайсці супраць прыбыткаў беларускіх малочных капіталістаў і еўрапейскіх акцыянераў беларускіх малочных прадпрыемстваў (як Савушкін прадукт, Малочныя Горкі, Danone, Lactalis).

На гэта дыктатура Лукашэнкі, якая корміцца ​​ад гэтай каляніяльнай мадэлі, ніколі ня пойдзе. Лукашэнка можа толькі аддаваць загады каровам даіцца больш, даяркам — выціскаць карову да апошняй кроплі, сваім чыноўнікам — нараджаць малако для прылаўкаў. І бясконца абурацца на камеру вынікамі свайго ж кіравання. Справе гэта не дапаможа, каланіяльнага рабавання Беларусі не спыніць. Спыненне абрабавання краіны неабходна патрабуе звяржэння дыктатуры Лукашэнкі, якая гэтую каланіяльную сістэму вартуе.

Check out our other content

Больше материалов