Сб Июн 07, 2025
Суббота, 7 июня, 2025

МОЙ СЯБАР З’ЕХАЎ У ПОЛЬШЧУ

З-за сітуацыі ў краіне. Цяпер часова ўладкаваўся прадаўцом у «Жабку» — самую вядомую польскую гандлёвую сетку.

За месяц выходзіць 4400 злотых (каля 900 дал.). Але стамляецца. Таму што працоўны дзень — 9 гадзін. І толькі адзін выходны на тыдзень. Хаця ўжо ў мінулым стагоддзі працоўнай нормай былі 8 гадзін у дзень і 5 дзён у тыдзень. Гэта значыць з мінулага стагоддзя — +1 гадзіна ў дзень і +1 дзень у тыдзень на карысць капіталістаў.

У суме 54-гадзінны працоўны тыдзень замест нармальнага ў ХХ стагоддзі 40-гадзіннага. Гэта значыць даводзіцца працаваць на трэць больш, чым у мінулым стагоддзі. Хаця прагрэс у аўтаматызацыі і інфарматызацыі грамадства аб’ектыўна дазваляе працоўны час скараціць.

Больш за тое, у сябра няма аплатнага водпуску. Таму што праца без кантракту. Не дзесьці на рынку, а ў вельмі вядомай гандлёвай сетцы.

У сукупнасці яскравы прыклад дэградацыі ўмоў працы.

Калі заробак гэтага працоўнага месца пералічыць на 40-гадзінны працоўны тыдзень і ўлічыць неаплатнасць водпуску, то выйдзе 587 дал (1584 руб.) у месяц. Гэта значыць не залімітава, і гэта пры больш высокіх некаторых коштах і без адлічэнняў у сацыяльныя фонды. Калі адняць арэнду жылля, якое даражэйшае, чым у Беларусі, то будзе той жа бедны ўзровень.

Паколькі майму сябру патрэбны былі грошы і ён шукаў падпрацоўку, ён у прынцыпе задаволены. Яму трэба перакантавацца 2 месяцы, потым пераедзе ў іншы горад. Але кампанія наймае іншага. У выніку люксембургскі інвестфонд CVC Capital Partners які валодае «Жабкой» мае сукупнага працаўніка за 4 дол. (10 рублёў) у гадзіну без адпачынку, сацыяльных і пенсійных адлічэнняў і нават мае права выгнаць яго ў любы дзень. А вынікі працы беларускага працаўніка (украінца, паляка) ў выглядзе прыбытку выпампоўвае з Польшчы ў Люксембург.

І такая помпа не адна. Так робяць усе амерыканскія і заходнееўрапейскія кампаніі, фонды, банкі, самыя магутныя ў свеце. У іх руках знаходзяцца эканомікі краін і рэгіёнаў свету. І вынікі працы насельніцтва гэтых краін і рэгіёнаў яны перапампоўваюць у свае дзяржавы. А потым даюць нам у доўг. Каб пампаваць яшчэ працэнты і апускаць нашыя краіны далей у залежнасць.

Беларусь — у тым ліку. Па выніках праўлення Лукашэнкі, уся краіна знаходзіцца ў руках расійскіх алігархаў і заходніх капіталаў і ў растучых даўгах перад імі. Напрыклад, у 2020 годзе замежны капітал выкачаў з краіны суму грошай, параўнальную з даходамі ад экспарту ўсёй беларускай прамысловасці. Вусаты дыктатар заўсёды гэтай сістэме дапамагаў, дапамагае зараз і мае з яе даход са сваімі прыкарытнікамі. Бо беларускія капіталісты, як польскія і ўкраінскія ў сваіх краінах, — убудаваныя ў гэтую сістэму як «малодшыя партнёры» замежных кампаній, фондаў, банкаў і атрымліваюць сваю долю прыбытку. Яны абараняюць гэтую сыстэму.

У гэтай сусветнай сістэме рабавання і заключаецца «сакрэт» багацця «багатых краін» і беднасці краін бедных. Зусім не ў «добрым» ці «дрэнным» капіталізме, «дэмакратыі» ці «аўтарытарызме», як любяць сцвярджаць лібералы. Гэтая сістэма «помпаў», якія пампуюць працу рабочых з нашых краін у магутныя дзяржавы, сістэма нашай залежнасці ад іх і ёсць аснова беднасці і ўсіх нашых сацыяльных праблем. Гэтай сістэме залежнасці нашых краін трэба пакласці канец. Заваяваць сапраўдную нацыянальную незалежнасць. Каб мы маглі нармальна і свабодна жыць і працаваць у нашых краінах на сябе, а не на магутныя дзяржавы і іх мясцовых пасярэднікаў. У Беларусі скінуць дыктатуру Лукашэнкі — першы крок на шляху да незалежнасці.

Check out our other content

Больше материалов